Сяргей Сноп
РЭЧКА ВАНЮЧКА ЯК ГРАДАЎТВАРАЛЬНАЯ АРТЭРЫЯ: ГІСТОРЫЯ І СУЧАСНАСЦЬ
Папярэдняю прагулку (10 лістапада) па Гродне мы спынілі на месцы, якое называецца плошча Леніна. На гэтым месцы мы таксама знойдзем тую ж сімвалічную сувязь, якая злучае ў нашым горадзе архітэктурныя формы, іх месцазнаходжанне і іх прызначэнне. Пра што гаворыць той факт, што плошча імя гэтага расейскага дэспата штучна насыпана і ўкатана паверх закаванай у бетонную трубу старажытнай гарадзенскай рачулкі, якую ніхто іначай не называе, як Ванючка.
Нават смешна слухаць спробы прыдумаць рэчачцы нейкае іншае імя, і усё дзеля таго, каб не спалучаць Леніна і Ванючку. Не, панове, дарэмна гэта ўсё, раней трэба было думаць, а цяпер у Гродне гэтыя два імя ўласных непадзельныя. Помнік Леніну на плошчы імя Леніна стаіць наўпрост над Ванючкай, і нічога з гэтым ўжо не зробіш. Мы гаворым Ленін, маем на ўвазе Ванючка. Ёсць толькі адзін спосаб парушыць дыалектычнае адзінства Леніна і Ванючкі.
У сваім сучасным выглядзе Ванючка бярэ пачатак ад заапарка, які, як мы ўстанавілі падчас папярэдняй прагулкі, мае непарыўную метафізічную сувязь з абласным упраўленнем унутраных спраў. Далей рэчачка цалкам натуральна ўпісваецца ў гарадскі пейзаж і павольна цячэ да ўніверсітэта і культавага збудавання, дасягае гмахаў выканаўчага камітэта вобласці і горада, па дарозе набіраецца ўсялякіх гарадскіх нечыстот, мінуе бровар, пажарную вежу, палац для піянераў і яшчэ адно культавае збудаванее, і праз высокія берагі каля старажытнага замка ўліваецца Ў Нёман. Вось якую прыродную артэрыю мае наш сучасны гарадскі арганізм.
Можна так сказаць, што да Ванючкі падключана ўся ўмоўная галава нашага горада, уключая і бровар. Нездарма ж цэхі лікёра-гарэлачнага завода ўзначальваў некалі сын нашага праслаўленага абласнога кіраўніка, якога называў настаўнікам сам усенароднаабраны ў 1994 годзе Прэзідэнт. Пасада дырэктара бровара прыраўненая ў наменклатурным тарыфе да галоўнага ідэёлага рэгіёна.
У апошнія гады Ванючку пачысцілі ад векавога бруду, паклалі брук на дарожках уздоўж яе берагоў, паставілі лавачкі і скульптуры. Але пры гэтым сышоў шарм натуральнага асяроддзя, якое пераўтварылася ў звычайны штучны гарадскі ландшафт. Чалавек, які ў дзяцінстве рубіў прутом крапіву і капаў чарвякоў для рыбалкі на дзікіх балоцістых берагах гэтай рэчкі як раз у раёне гарвыканкама (хм, чарвякі, аднак; пра гэта я падумаю пазней), і некалі знайшоў там нават гранату-лімонку, не можа быць гэтымі метамарфозамі вельмі ўсцешаны.
Каб збудаваць каробку аблвыканкама, быў знішчаны цэлы квартал старажытнага горада. Стаялі там не толькі сараі-развалюхі і піўны павільён-сцякляшка, але таксама цалкам прыстойныя дамы з каменнымі лесніцамі ў пад’ездах з металічнымі зажымамі для дывановых дарожак на прыступках паміж паверхамі. У высокія дзверы пад’езда такога дома, наўпрост праз дарогу ад кінатэатра «Чырвоная зорка», падчас здымкаў фільма пра немцаў, пра які я папярэдне расказваў, заходзіў чалавек у цывільным, потым гучаў стрэл, чалавек імкліва выходзіў, хаваючы зброю ў кішэнь паліто.
Цяпер такое кіно там ужо не здымеш.

Каб машына ДАІ праяжджала гадоў таму пяцьдесят па вуліцы Ажэшкі, то праз метраў так трыдцаць злева перад мостам патруль убачыў бы будку сапожніка. У гэты час (15.49) там мог бы быць нават і сапожнік, а каб быў, то абавязкова нецвярозы.

Бачыце на заднім плане бярозкі? Гэта толькі іх верхавіны, а ствалы ўваходзяць глыбока ў зямлю і ўзятыя ў спецыяльна збудаваныя шматметровыя калодзежы, каб дрэвы захаваліся і не пагнілі. Гэтая бярозавая алея суправаджала дарожку да пешаходнага мосціка цераз Ванючку. Бярозкі адной вышыні, толькі тая, каторая злева, пасаджана была значна ніжэй. Паабапал стаялі домікі прыватнага сектару, з агародамі за плотамі.
Хто там знайшоў падвалы?
Ванючка там, спадарства, вось пад Ленінам як раз.
Крыху правей ад помніка ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя на плошчы адна сталага ўзросту гарадзенская кабета С. наладзіла пратэст супраць злоўжыванняў на піўзаводзе і карупцыі сярод партыйных і савецкіх чыноўнікаў. Яна паставіла на плошчы намёт і пікетавала адразу два органы ўлады. Стратэгія, аднак. Менты былі ў роспачы. Мясцовыя партыйныя бонзы баяліся крамлёўскіх перабудоўшчыкаў. Грамадзянка С. пратрымалася некалькі сутак, шмат шораху навяла.
Ніякіх злоўжыванняў і карупцыі тады не знайшлі, а знайшлі пазней, калі гэта нікому ўжо не пагражала. Здагадайцеся, кім працавала С.? Так, вось іменна, яна працавала бухгалтарам на піўзаводзе.
Вось таксама быў Майдан, дык Майдан. Плошча. Каб усё пайшло адпаведна, то жылі б мы зусім у іншай краіне.
А так трыдцаць гадоў ад персанальнага Майдана гарадзнкі С. — і без зменаў на рэчцы Ванючцы.
Вось і Эліза Ажэшкава жыла зусім не над Нёманам, як думаюць некаторыя яе заўзятары. Зноў жа, яе дом-музей на вуліцы яе імя, — зусім не яе дом, яе дом зруйнаваны, на тым месцы клумбы, а пабудаваны нібыта яе дом з сілікатных блокаў вытворчасці гарадзенскага камбіната будаўнічых матар’ялаў. Тая ж гісторыя, што з падваламі пад плошчай Леніна.

На фота: і дзе тут могуць быць падвалы?

Хоць, нарэшце, дзякуючы Украіне, сёння такія перамены адбываюцца на абшарах былога СССР, што дух перакрывае. Нічога няма дзіўнага. З моманту набыцця постсавецкімі краінамі незалежнасці прайшло дваццаць гадоў — то бок, увайшло у свядомы ўзрост новае пакаленне. Адпаведна, сышло яшчэ адно папярэдняе старое пакаленне.
Трэба мяняць грамадскі лад, прыстасоўваць яго да патрэбаў сучаснасці. Пачынаць з чаго? Да з чаго заўгодна. Прэзідэнт Лукашэнка вунь пачаў з адмовы есці пуцінскіх мухаў, якіх расейскі фюрэр яму за гэтыя гады скарміў няблага. Сёння ўжо Наш сам грузіць і дасылае ў Крэмль мух эшалонамі. Някепскі пачатак, калі далей так пойдзе, канешне, а напэўна ж пойдзе, бо нічога іншага і лепшага для Пуціна не праглядаецца — одно толькі мухі і катлеты па-кіеўскі.
З чаго хацелася б распачаць ў нашай геаграфічнай кропцы «лініі Керзона»? Справа выбару, справа густу, вядома. Вось ўтар гэтых радкоў хацеў бы пачаць з жэсту культуральнага, яскрава сімвалічнага. Са змены помніка Леніну на адпаведнай плошчы ў горадзе Гродна на помнік якому-небудзь іншаму персанажу.
Ніякага сакральнага сэнсу той «Ленін» больш не мае, ён сышоў у свет іншы разам з мінулым пакаленнем, як і ўся «ленінская» спадчына. Ягоная шэрая глыба з кепкай блазана ў руцэ, якую зляпіў скульптар Азгур, не адлюстроўвае ніякай агульнароднай ідэі. А ідэя, як вучыць нас спадар А.Лукашэнка, патрэбна. Нават надта. І сімвал абагульнення народных памкненняў партэбны.
Гэта значыць, на месца шэрага «Леніна» з блазенскай кепкай трэба паставіць нешта іншае. Ідэйна абагульняючае, бо Ленін жа быў вядомым майстрам раз’яднання народаў паводле класавай і рэлігійнай прыкметы, а з гэтым соцыяльным экстрэмізмам у нас скончана, хто б сумняваўся. Бо цяпер у кожным абласным выканкаме ўлады, у Гродне таксама, створана камісія экспертаў, якая ацэньвае інфармацыйную прадукцыю на прадмет экстрэмізма. Вось ёй аўтар і прапануе падтрымаць маё прагрэсіўнае пачынанне.
Што да моёй прапановы наконт кандыдата на той шыкоўны пастамент насупраць вокнаў нашых абласных і гарадскіх начальнікаў, які застанецца пасля вынаса шэрай глыбы, то я вылучаю прадстаўніка слаўнай партыі парнакапытных, знакамітага волата і героя старадаўных песняў, сярэднявечных хітоў нашай літаратуры — яснавельможнага пана Зубра.
Таксама некалі ледзь не знік з твару планеты. А цяпер нават у Амерыцы, прыкінуўшыся бізонам, бегае. Ну, дык чым не нацыянальны лідар? То бок сімвал, прабачце.
Дарэчы, у вёсцы Азёры ёсць адзін хлопец, ён зуброў стварае дастаткова танна.
А што рабіць з азгураўскім дабром? Прадаць: конкурс, аўкцыён, ніякай каб карупцыі, барані Божа.

ЧАМУ ГАРАДЗЕНСКАЯ МІЛІЦЫЯ БЫЛА ЗБУДАВАНАЯ КАЛЯ ЗААПАРКА?

Реклама