Сяргей Сноп

ПРАЙСЦІСЬ ПА…

Ёсць сувязь паміж збудаванняміі пэўнага прызначэння і тымі месцамі, дзе яны стаять. Я не кажу пра крэпасці, замкі, цэрквы, абкамы партыі і турмы – гэта само сабой зразумела. Тым болей, што, па сутнасці, усё гэта адно то самае. А далей сувязі набываюць не такі прамы, непасрэдны і просты характар. Што гэта за характар і як ён закладаўся ў духоўны змест гарадоў, залежала ад сілаў прыроды, пра якія нам ведаць пакуль не дадзена.

Чаму, напрыклад, наша гарадзенская абласная міліцыя была збудавана непадалёк ад заапарка?
А чаму паліклініка КГБ месціцца побач з лазней? Тут прысутнічае такая самая логіка, якая паставіла будынкі КГБ побач з турмой і абласным выканкамам, у якім некалі правёў ноч Фелікс Дзяржынскі падчас няўдалага паходу на Польшчу ў якасці новага рускага намесніка. Ягоны шынель з рыжымі прапалінамі, на якім ён спаў на крэслах каля печкі-буржуйкі ў падвальным закутку дворніка гэтага будынку, потым доўга захоўваўся ў архіве Беластоцкага абкама партыі, але, на жаль, знік пры эвакуацыі ў 1941 годзе. Праўда, па непадцверджаных дадзеных, той шынель усё ж такі быў давезены да Масквы (пры гэтым геройскі загінулі два маёры НКВД і шафёр, які памёр ад ранаў, атрыманых падчас перастрэлкі з дыверсантамі), і ў якасці дадатку да “Асобай папкі” сакратара ЦК КПСС перадаваўся ад Сталіна цераз Хрушчова і ажно да Гарбачава. Пры гэтым нехта шынель падрэзаў-укараціў, але хто іменна – невядома, падазраюць, што Андропаў. Над пытаннем пра рэстытуцыю шыняля Дзяржыскага цяпер працуе інстытут гісторыі нашае акадэміі навук.
І скажыце, чаму так хуценька-ціхенька падчас перабудовы побач з КГБ узнік нейкі банк, які потым гэтак сама хуценька і ціхенька сканаў, а ў кабінеты банкіраў уехалі камісары, …не, прабачце, гэбэшнікі ўехалі? Ці яны адтуль і не выязджалі? Увогуле, як распазнаць і адрозніць банкіра (-ку) ад гэбіста (-кі), чыста візуальна? Як сведчыць вопыт усіх трох «спаленых» і зачыненых у Гродне банкаў, не адрозніваюцца практычна нічым. Вынікі пры гэтым у гэбістаў усё ж такі горшыя, чымсці ў «чыстых» банкіраў.
Яшчэ побач с турмой КГБ меў свае гаражы, абсаджаныя з тылу густымі дрэвамі. Адзін зняволены збег з турмы і схаваўся на даху тых гаражоў. Яго шукалі-шукалі, да так і не знайлі. Дагэтуль невядома, ці не была гэта пабег-аперацыя іспіравана гэбістамі з якой-небудзь толькі адным ім ведамай мэтай барацьбы з замежнымі альбо ўнутранымі супастатамі. Нездарма, ох, мяркую, нездарма нядаўна гэтыя гаражы разбурылі. Цяпер не схаваешся, як пабяжыш. Хаця… Калі захацець… Пачытаўшы Саяпіна… Ды не, навошта той Саяпін, у КГБ канспіратыўных кватэр хапае.
Менты і заапарк – гэта не так проста. А вось чаму абласны суд стаіць на рагу вуліц Чапаева (цяпер Васілька) і Карбышава, а перад уваходам у будынак пастаўлены помнік развясёламу рэвалюцыянеру чувашскага паходжання Василию Ивановичу? Не суд, а анекдот. Не проста анекдот, а анекдот нават ужо палітычны. І зноў, нездарма яны навастрыліся некуды адтуль з’ехаць. Хоць бы і анекдот, але навошта, панове высокія вы нашы, так адкрыта смяяцца?
У будынку міліцыі месцяцца, працуюць, а часам у інтарэсах службы і начуюць, менты. У заапарку – іншыя прадстаўнікі жывога міру планеты, напрыклад, санітары лесу ваўкі, лясныя кабаны, папугаі, малпы і балотныя змяюкі. Для іх створаны ўмовы, набліжаныя да натуральных: пасаджаны альбо уваткнуты дрэвы, налітыя вадой басэйны, усталяваны лежбішчы. Каб было падобна на реальнае жыццё. А вось гарадзенскія абласныя пракуроры пасаджаныя шмат гадоў таму назад пад вокнамі натуральныя ёлачкі павырубалі ўшчэнт. І правільна, бо яны ж не менты, не банкіры, не гэбісты і, тым болей, не зверы, а свой гараж маюць унутры пастарунка. І канспіратыўныя кватэры ім “не паложана”.
Што ёлкі, цьфу. На той жа вуліцы імя Даватара, дзе месціцца гарадзенская абласная пракуратура, стаіць больш значны помнік слаўнай дзейнасці пракурорскага вока. Наўпрост стаіць насупраць “Палубы”, раней славутай і таксама слаўнай піўнушкі-гандэлаўка, а цяпер так сабе. Гэта двухпавярховы домік з селікатнай цэглы, некалі задуманы гарадзенскімі начальнікамі сярэдняй рукі як элітнае жытло, але потым у ходзе пракурорскай праверкі прызнаны пабудаваным самапальна. Так і стаіць з таго часу: ані туды, ані сюды. Ды засялілі б яго ўжо пракурорскімі дзецьмі, да і справе канец.
Крыху па гэтай вуліцы далей стаяў яшчэ адзін помнік развітога сацыялізма – недабудаваная студэнцкая сталоўка. Мясцовы Калізей. Але яго, як той Рым пры Мусаліні, прыбралі падчас кіравання Шапіры. Цяпер там лавачкі, машынкі, прыступачкі акуратненькія. А то да таго дайшло, што некалі з-за плота, што той Калізей закрываў, выляцела цэгла і папала студэнту юрфака ў галаву. А ў Шапіры дачка на той юрфак паступіла. Во як.
Затое былы гарадзенец — сын міністра адукацыі «Сірожы» Маскевіча, як ласкава яго называюць падначаленыя, вучыцца ўму-розуму ў Амерыканскіх Штатах, што выклікае справядлівае абурэнне вышэйшай беларускай інстанцыі. У век інфармацыйных тэхналогіяў каб вучыцца, можна зусім у школу не хадзіць, скажы, Сірожа? Значыцца, справа не ў адукацыі, так я разумею. Вышэйшая інстанцыя ўсё бачыць.
Гэтулькі думак усяго толькі падчас кароткай прагулкі.
Пайшоў бы я гуляць па роднаму гораду далей, але для першага шпацыра пакуль дастаткова. Неяк выбяруся яшчэ. Можа, каго з сабой падаб’ю, ці хто мяне ў кампанію возьме. Цяпер такія праменады – абавязковы трэнд любога інтэлектуальнага гарадзенца. Парыж тут у нас, рэзідэнцыя паспалітага караля, і міфы адпаведныя, а не местачковыя, як у якіх-небудзь саўкоў, пальцам робленых. Дзе праўда, а дзе мастацкая фантазія народа — як разбярэш?

На фота: Галоўны корпус з прыбудовай гарадзенскага КГБ. У іх нават свой музей ёсць. Не ўсіх пускаюць, толькі гэтым і цікавы. Ні кінжалаў, ні шынялёў, паперкі нейкія газетныя пад шыбамі. Хаця ў аднаго іх начальніка што капялюш, што плашч былі знатныя, як у рыцара са шпіёнскага рамана. Як з грымёркі. Можа, і насамрэч, з грымёркі. Недаўна праходзіў па Тэльмана побач з комплексам будынкаў КГБ, там, дзе месціўся раней банк, а цяпер атабарыліся гэбісты, бачу — стаяць два нейкіх калгаснага выгляду хлопца. Адзін нават у камуфляжы. Паляць на ганку, страсаюць попел супраць ветра. Потым кінулі «бычкі» пад ногі на ьрук і пайшлі ў пастарунак.
Гісторыя пра КГБ мела працяг. 27 кастрычніка 2014 года, да 70-годдзя з дня ўтварэння Гродзенскай управы КГБ, на будынку па вуліцы Тэльмана была ўстаноўлена мемарыяльная шыльда (на фота ўнізе):

Маю абсалютную ўпэўненасць у тым, што гэтую шыльду сменіць тая, на якой будуць пазначаныя даты пачатку і заканчэння дзейнасці ГКБэшнай ўправы ў нашым горадзе.
Спадзяюся, але не перакананы, на жаль, што сапраўдным чэкістам на тым свеце чэрці стварылі рэальны камунізм.
Пра аднаго героя вайны з ліку чэкістаў (пра двух нават, калі быць дакладным) я чуў такую гісторыю, што яны былі партызанскімі сувязнымі ў пяцігадовым ўзросце. Маўляў, бацькі вазілі баявыя разведвальныя данясенні, закруціўшы іх у дзіцячыя адзёжкі юных герояў. Такім чынам гэныя слаўныя чэкісты мелі ільготы ветэранаў вайны.

На фота зверху:
Вось ён, заплесневелы помнік пракурорскаму нагляду. Сімвалічна, ці не праўда?
У самым версе злева відаць беленькі тарэц прокуратуры.

У канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя у Гродне здымалі фільм пра вайну. На гэты будынак (фота звержу), бачыце, злева ад акна на першым паверсе, дзе падсветка, тады павесілі яркі чырвоны нямецкі сцяг са свастыкай. Такі яркі і такі чырвоны, што тады я ўпершыню ўсвядоміў ідэалагічную і метадалагічную еднасць нацызма і камунізма. Двуадзінства, два канцы адной дубіны. А месціўся ў гэтым доме тады Кастрычніцкі райаддзел міліцыі. А ў фільме там мусіла сядзець гестапа. Вось да чаго даводзяць легкадумныя адносіны да кіно і немцаў.
Дарэчы, першае акно злева ад дзвярэй было некалі, кароткі тэрмін, маім. Нямецкі сцяг вісеў як раз ля вокнаў начальніка РАУС. Наверсе сядзелі следчыя, і выходзілі на балкон папаліць. Але іх ганялі начальнікі, бо яны псавалі благасны малюнак облвыканкамаўскага асяродку: «Ты б яшчэ трусы павесіў сушыцца». А можа, баяліся, што менты раптам нехерачацца вадзяры і пачнуць паліць па вокнах. Не без таго.
А там, дзе стаяць машыны, злева ўнізе, сярод міліцыйскіх УАЗікаў, прытуліўшыся да бардзюры, незаўважна стаяла трупавозка, ноў-хаў мясцовай міліцыі: цёмна-зялёны прычэп на двух колах, знешне падобны на перавазны кампрэсар. Гэтая трупавозка з’явілася ў выніку шматгадовых спрэчак паміж ментамі і «Хуткай дапамогай», акая адмаўлялася вазіць трупы, слушна даводзячы, што яны лекары, а не пахаваўчая каманда.
І ўжо зусім даўно ад нашага часу на тым месцы, дзе цяпер стаіць гэты новы дом-капыта, была дошка ганьбы, на якую менты вывешвалі фоткі хуліганаў, скандалістаў, сутачнікаў, а таксама аб’яўленых у вышук злачынцаў.
А што, спадарства, як вам мае шпацыры? Гэта ж не па падвалах пад плошчай Леніна швэндацца. Дык я яшчэ не расказаў пра трыперку і выцвярэзнік, спецпрыёмнік і пункт здачы крыві, більярдную і аўтапаілку, а таксама безліч забегалавак, якія былі таксама зусім побач — рукой падаць па сучасных мерках.
І ніякіх падвалаў пад плошчай Леніна не было — дураць вашага брата. Быў там, пад насыпной плошчай, на якой стаіць сёння знак умоўнага нулявога кіламетра, звычайны абрыў, пара хібарак і агароды, дзе зімой у дзяцінстве я катаўся на санках і нават на лыжах.
Ну, усё, пайшоў я дахаты.

 

 

Реклама