Сяргей Сноп

ВУЛІЦА ІМЯ АЖЭШКІ І ЯЕ МІСІЯ

А цяпер я хачу прайсціся па вуліцы імя Ажэшкі з канца ў канец, як гэта зрабілі ўдзельнікі легендарнай дэманстрацыі хіпі ў 1971 годзе. Хіпі тады з’ехаліся з усяго Савецкага Саюза. Яны хацелі прашпацыраваць ад чыгуначнага вакзала да каралеўскага замка. Як ні дзіўна, ім удалося прайсці палову дарогі, да паварота на вуліцу Савецкую. На чале несанкцыянаванага шэсця крочыў певень, якога хіпі прадбачліва вялі на ланцужку, каб не збег. Хоць і дзеці кветкаў, але ўжо тады ведалі, што, як правіла, першымі даюць драпака менавіта лідары.
Ля абласнога выканкама з усіх пад’ездаў і падваротняў на хіпі наляцелі менты і гэбешнікі, шэсце разбеглася. Тыя, хто ўратаваўся ад арышту, паўцякалі дварамі, ярамі і агародамі ўздоўж рэчкі Ванючкі. Так што недзе каля цэнтральнага ЗАГСа, там, дзе стаіць узброены Амур, толькі з тыльнага боку, можна смела ставіць помнік хіпі. Абрывы рэчкі Ванючкі ўратавалі ад ментоўскіх дубінак і затрымання не толькі рафінаваных хіпі, але мноства аматараў проста выпіць ды іншых беспрытульных прасталюдзінаў і абібокаў. Помнік хіпі, а я ўпэўнены ў тым, што яму – быць, стане сімвалам інтэлектуальнай свабоды і нязломленасці чалавечай волі і пакажа ўсяму свету, што горад Гродна ніколі не быў звычайнай саўдэпаўскай свінячай быдла-фермай. Мая прапанова можа быць карыснай міністэрству спорта і турызма, калі ласка, маршрутам хіпі можна вадзіць турыстаў. Наколькі мне вядома, хіпі не былі ўключаныя ў пералік дэструктыўных ці экстрэмісцкіх элементаў. Я чуў нават, што да хіпі паступала прапанова ўвайсці ў якасці калектыўнай платформы ў арганізацыю маладых патрыётаў, але іх сэксуальная разняволенасць і палітычны вульгарны анархізм напалохалі дарослых ідэолагаў кансерватыўнай стабільнасці.
Праз некалькі гадоў маршрутам хіпі прайшлася шпана з гарадзенскага раёна Маслабаза. Неяк пад вечар пацаны сабраліся ў калону армейскага кшталту, колькасцю не меньш за роту, і пайшлі са сваёй маслабазы ў цэнтр. Цэтравыя і Пярэселка пахаваліся. Менты таксама. Калона без супраціву заняла гарадскі парк, а потым разышлася. Што іменна, акрамя грубай сілы, дэманстравала Маслабаза, сказаць цяжка. Усё прайшло надзвычай спакойна, але мяркую, што з камуністычнымі каштоўнасцямі Маслабаза, калі мысліць глабальна, была згодна не цалкам, мягка кажучы.
І калі з хіпі ўсё было безнадзейна “застукана” ад пачатку з’яўлення замысла, то марш Маслабазы ніхто не пільнаваў. Зайздросная згуртаванасць.
І, нарэшце, калі ісці па вуліцы Ажэшкі шляхам несавецкіх і савецкіх дэманстрантаў, то трэба, як робяць усе турысты-экскурсанты, паглядзець направа і звярнуць увагу на такую культурна-тапаграфічную з’яву, як установа адукацыі ГрГУ ім.Я.Купалы. Менты, калі будавалі сваё абласное ўпраўленне, магчыма, хацелі стаць бліжэй да святла ведаў. Але найвышэйшая метафізіка гарадзенскай гарадской структуры гістарычна склалася такім чынам, што той, хто набліжаецца да ўніверсітэта, робіцца бліжэй да заапарка.
Прынамсі, наконт ментоў я ні ў чым не ўпэўнены. У іх дагэтуль, нібыта ў анамальнай зоне, бясследна і без вестак наўпрост пасярод рабочага дня знікаюць у астрал (нябачная звычайным людзям прастора) кіраўнікі ў рангу генерала, а потым гэтаксама таямниіча ўвасабляюцца ў рэальнасць літаральна з эфіру (паветра такое — эфір). І адначасова з’яўляецца і ўвасабляецца пэўная сума грошай, якія раней таксама ціхенька анамальна знікла з ментоўскага бухгалтарскага ўліку. Я ж кажу — метафізіка. Аўра (разнавіднасць эфіру) у гэтым месцы такая.

На фота: Свята-Пакроўскі сабор, псеўдарускі стыль http://mr4ex.livejournal.com/3323.html. Унізе і на прадаглядзе: тое самае, від з боку былога будынка палітычнай асветы, а цяпер аднаго з карпусоў універсітэта. «Залатыя купалы, душу маю радуюць…»

Гарадзенскі ўніверсітэт першапачаткова задумваўся як педагагічны каледж, такім ён, па-сутнасці, застаецца дагэтуль. Тым не менш, як гэта заўсёды здараецца ў месцах, дзе працуюць галавой мужчыны і некаторая частка жанчын, ён стаў рассаднікам крамолы. Першы рэктар (дырэктар, так) меў бацьку, які працаваў настаўнікам пры немцах. Пад крылом рэктара-дырэктара адразу звілі гняздо філалагічныя дыверсанты, а таксама беларускія нацыяналісты (а хто іх, беларускіх, у папярэднія гады развёў – здагадайцеся з двух разоў), якія чыталі граматыку Лёсіка і сцвярджалі, як той Галілей, што не ўсе навуковыя вынаходніцтвы, уключая лямпачку Ільіча, вынайшлі рускія кулібіны. Да што ўнівер, антысаветчыкаў выявілі нават у такой цнатлівай установе адукацыі, як дом дзіцяці.
Пазней здарыўся брыдкі выпадак, калі два студэнты падрапалі вочы партрэтам членаў палітбюро ў холе другога паверха. А трэба ведаць, што ў тыя дастаслаўныя часы выява «Правадыра» (з вялікай літары, так) разглядалася ў якасці пацярпелага па крымінальнай справе. Нават падмаляваць вусы партрэту лічылася антыдзяржаўным пасягальніцтвам, ужо не гаворачы пра бародку альбо рожкі. Адным словам, партрэты правадыроў такімі цынічнымі абразамі і здзекамі ў храме навукі былі надзвычай абураныя і запатрабавалі з усёй справядлівасцю найлепшага на гэтым і тым свеце савецкага закона паабрываць рукі, якія падняліся на іх святыя выявы-абразы.
У канцы 80-х гадоў тут атабарылася антыпартыйная група Клейна-Карпюка-Быкава. Гэтая троіца класічных партыйных раскольнікаў была сапраўдным гаручым кактэйлем Молатава, які лёгка падпальваў цяжкае ўзбраенне бранірованых батальёнаў камуністычнай арміі ідэолагаў. Глядзіце самі: сіаніст, партызан і нігіліст. Паводле сённяшніх клішэ – стопудовыя, узорныя жыда-бандэраўцы.
У 90-х універсітэту далі імя Купалы. Гэта, канешне, не Брэст імя Пушкіна, але Івану Дамінікавічу цяпер неспакойна. Ніякавата. Нацыянальна свядомы змест культуры дагэтуль не сумяшчаецца з адукацыйным працэсам. З тае прычыны на пачатку эры незалежнасці ў асяродку яйцагаловых здарыўся нават путч, зацеяны нацыяналістычнай “бандай пяцёх”, але ўлада засталася ў руках цвёрдых байцоў-інтэрнацыяналістаў. Потым іхні камандзір з пазыўным “Людовік ХV1” састарэў, ягоны нашчадак і спадкаемца папаўся на хабарніцтве, і з таго часу натуральнае развіццё падзеяў на адукацыйна-навуковым фронце прывяло да таго, што ніякай разумнай ідэі ў дзейнасці педагагічнага каледжу не праглядаецца вогуле.
Што падцвярджаецца гісторыяй з адстаўкай апошняга рэктара, якога генерал-маёр гарадзенскай абласной упраўленчай вертыкалі зняў за безыдэйнасць і гнілы лібералізм. У вверанай рэктару установе адукацыі ўтварылася паўнавартасная паўпрафесійная футбольная каманда запраданцаў. Пра гэта я вельмі падрабязна, як лепатісец гісторыі каралеўскага горада, пісаў 18 кастрычніка гэтага года.
Паводле апошніх звестак, сёння ўніверсітэт, каб пазбегнуць распаўсюджвання віруса крамолы кантактным і паветрана-кропельным шляхам, упраўляецца спосабам віртуальным, у прамым і пераносным сэнсе гэтага прыгожага інавацыйнага слова.
У поўнай адпаведнасці з місіяй, тэкст каторай падвешаны на сцяне хола замест партрэтаў палітбюро.

Сюды, дзе стаіць фатограф, за ментоўскія сцяжкі, «прага жыцця мацней», як воўкі ад паляўнічых, беглі хіпі. http://www.nest.by/base/images/listing_photos/7424_10597147537.jpg

Папярэднія апавяданні:

ЧАМУ ГАРАДЗЕНСКАЯ МІЛІЦЫЯ БЫЛА ЗБУДАВАНАЯ КАЛЯ ЗААПАРКА?

РЭЧКА ВАНЮЧКА ЯК ГРАДАЎТВАРАЛЬНАЯ АРТЭРЫЯ

ШПАЦЫРЫ ПА “ЛІНІІ КЕРЗОНА”

Реклама