Сяргей Сноп

“АЎТАПАІЛКА” альбо ГАРАДЗЕНСКАЯ ТАПАГРАФІЯ Ў ГЛАБАЛЬНАЙ КАНКУРЭНЦЫІ

Б
ыла за савецкім часам такая высокая мода – даганяць Амерыку, заведзеная Хрушчовым. Даганялі гэтую Амерыку, якую, акрамя самога Хрушчова, ніхто не бачыў (хіба толькі ў югаслаўскіх фільмах пра індзейцаў), у самых розных галінах партыйна-гаспадарчага будаўніцтва. Кожны паважаючы сябе кіраўнік спаборнічаў з Амерыкай, што аўтаматычна прымушала заадно шкадаваць тамтэйшых неграў, прыгнечаных расізмам і ўладай капітала. Той факт, што краіна самага перадавога грамадска-палітычнага ладу, якім лічыў сябе СССР, ніяк не абгоніць гніючы, растленны і смярдзючы супярэчнасцямі Захад, вельмі садзейнічаў развіццю фантазіі савецкага кіраўніцтва. Але нават і яно ў страшным сне не магло сабе ўявіць, што амерыканскі негр будзе валадарыць ва ўсім свеце, а крамлёўская шпана будзе перад ім лебязіць. А яно вось як павярнулася. За што бароліся, на тое і напароліся, таварышы.
У сферы гандлю і грамадскага харчавання, напрыклад, спрабавалі капіраваць амерыканскія аўтаматы. Так, гарадзенскі гандаль у малочным магазіне насупраць цэнтральнага, а тады і адзінага, універмага паставіў аўтамат па вытворчасці пончыкаў. Разумная машына выціскала з цеста каўбаскі, прапускала іх праз печку, і гандлярка ўзважвала і прадавала гарачыя пончыкі. Усё было цікава, празрыста, смачна пахла алеем, але машына ўвесь час ламалася, доўга хварэла і хутка знікла з летальным вынікам. Казалі, нібыта яе спецыяльна ламалі, каб не перашкаджала красці, усё можа быць.
Дык вось, магчыма, мы Амерыку ў нечым і абагналі, напэўна, што абагналі. Толькі не ў вытворчасці гарачых пончыкаў, гэта дакладна.
А вось з механізацыяй гандлю півам спаборніцтва пайшло ў экзістэнцыяльную глыбіню. У падвале дома нумар адзін па вуліцы Віленскай існавала звычайная піўнушка з барнай стойкай уздоўж сцен без крэслаў. Як жа ей тамака не быць, калі побач лазня і выцвярэзнік? Піва туды завозілі з піўзавода коннай фурай. Стары вазніца быў заўжды паддаты, таму кабыла, якая за доўгія гады працы самастойна, без дапамогі партыі і чэкістаў, вывучыла маршрут і нават правілы дарожнага руху, развозіла бочкі з півам — туды, і пустыя бочкі — назад. Ціха, памяркоўна, надзейна, экалагічна. Адна толькі была няёмкаць — кабыла выкідала з-пад хваста перавараную ежу акурат перад будынкам гарадской управы на цзнтральнай вуліцы горада. Каб пазбегнуць недарэчнага засмечвання вуліцы конскім навозам, фурман у гэтым месцы упіраў кабыле пад хвост нагу, так ехаў сотню метраў, а потым, ад’ехаўшы ад ўправы, нагу адпускаў. Кабыла, стары фурман, бочкі, насціл, падвал, кранік – і ніякіх праблемаў з півам. Тую кабылу я частаваў хлебам. Яе гаспадар, ханурык, не дбаў ні пра сябе, ні пра жывёлу.
А потым да нас дайшла сусветная глабалізацыя і канвергенцыя пад выглядам бегу навыперадкі з Амерыкай. Састарэлую паўсляпую кабылу пераехаў аўтобусам каля танка нейкі ўшлёпак з “правамі”. У падвале на Віленскай замест піва пачалі разліваць у сіфоны газірованую ваду. Потым ваду перакрылі і паставілі, у рэшце рэшт, аўтаматы для разліва піва. Наш адказ Ніксану з Рэйганам, маўляў, якая ж мы пасля гэтага, паглядзіце самі, “імперыя зла”?
Гандэлак адразу празвалі “Аўтапаілка”. За двадцаць капеек аўтамат наліваў ў шкляны куфаль 0,5 літраў піва. Нярэдка здаралася так, што мог і не наліць. І ўсё, вярнуць грошы было немагчыма. Аўтамат ёсць об’ект неадушаўлёны, а механік, які абслугоўваў аўтаматы, прэтэнзіяў не прымаў, хаця для рэкламацыяў мелася спецыяльнае акенца, куды абураны кліент мог крычаць свае нецэнзурныя прэтэнзіі ў абарону правоў спажыўца хоць да закрыцця ўстановы грамадскага харчавання. Бывала, што настырны кліент, каб было зручней дакрычацца, засоўваў ў акенца галаву. Сам бачыў, як заявіцель у адказ атрымваў у рыла.
Народам аўтапаілка была адрынута адразу. Аднак імпэт даганяць і пераганяць Амерыку быў настолькі мэтанакараваным, што трэст сталовых і рэстаранаў адчыніў яшчэ адну аўтапаілку, гэтым разам на вуліцы Антонава каля аўтавакзала. Ды толькі інавацыйныя тэхналогіі ў дадзеным асобным выпадку не вытрымалі канкурэнцыі з ручным разлівам піва. Аўтапаілкі былі бясслаўна разабраныя на металалом. Казалі, што яны прыводзілі да бескантрольнага крадзяжу, усё можа быць.
Але я скажу так: канкурэнцыю з Амерыкай завалілі зусім не аўтаматы, канкурэнцыю не вытрымала сама бязглуздая ідэя разліваць піва без удзелу чалавека. Спроба адасобіць чалавека ад гэтага інтымнага працэса. Тое самае, што займацца з аўтаматам сэксам. Збачэнства. Як усё, што звязана з камунізмам.
Падцвярджае мае словы тое, што народ шчыра, усім сэрцам прыняў дэмакратычную і даступную тэхналогію рэалізацыі піва з жалезнай, амаль тоннай (наш піўны барэль, а то!), бочкі на двуколцы. Бочкі праходзілі тэхагляд і выяжджалі з надыходам цяпла і абслугоўвалі працоўных і ўсялякіх асацыяльных дармаедаў да самых халадоў. Усе навакольныя выпівохі ведалі імя гандляркі півам. Чалавечы фактар заўсёды б’е бяздушную механіку сацыяльных тэхналогіяў, ці не праўда, спадары ідэёлагі і прапагандысты?
У Савецкім Саюзе гандаль алкаголем у розніцу і на разліў фармаваў значную частку мясцовых фінансавых патокаў. Здадзеная магазінамі ў банк выручка ішла на выплату заробку рабочым і служачым. Таму забегалавак у горадзе было столькі, што адно скрыжаванне вуліц у занёманскай частцы горада атрымала назву “пьяны вугал”. Кароткачасовая андропаўска-гарбачоўская атака на алкаголь захлынулася ў хвалях бюджэтнага шторму. На тле былога эсэсэра суверэнная Беларусь заставіла да краёў прылаўкі гастраномаў “пойлам Мясніковіча”, і па ўзроўню спажывання алкаголю на душу насельніцтва выйшла на першае месца ў свеце.
Сёння з такім жа імпэтам на кожнае вольнае месца ў горадзе ставяць шопікі тытунёвай фабрыкі. Таксама з мэтай перагнаць замежных канкурэнтаў.
А нам яно нада?

У нас бочкі былі заўжды пафарбаваныя ў жоўты і блакітны колеры, а так усё астатняе супадае. Стацыянарная «кропка» побач, шлангі, стул, палічкі на балотніках па баках «барэля», куды можна паставіць шкляны куфаль і пакласці вяленую рыбку, а самому запаліць папіроску. І заўважце: двое з пяці маюць пад мышкай кніжкі. А за бочкай — будка тэлефона-аўтамата. Хм…
Сёння ўсё гэта называецца адміністрацыйнае правапарушэнне. Вось ён, відавочны ў прамым і пераносным сэнсе прыклад таго, як час змяняе нашы ўяўленні пра законнасць і прыстойнасць, а таксама пра сацяльна-санітарныя стандарты, прыярытэты і каштоўнасці.
Што для савецкага чалавека здорава, то для нашага стэрыльнага (ці стэрэлізаванага?) сучасніка — супрацьзаконнае, вульгарнае, малакультурнае, брутальнае і нахабнае распіццё спіртных напояў у грамадскім месцы.
Чарговы наступ глабалізацыі на чалавечы фактар, аднак.
Тае кабылы мне і цяпер не хапае.
Пасля таго, як яе не стала, ніхто болей не цягне фурманку паводле натуральнага інстынкту, дадзенага коням ад прыроды.
А пра вазніцу я не кажу.

ЧАМУ ГАРАДЗЕНСКАЯ МІЛІЦЫЯ БЫЛА ЗБУДАВАНАЯ КАЛЯ ЗААПАРКА?

РЭЧКА ВАНЮЧКА ЯК ГРАДАЎТВАРАЛЬНАЯ АРТЭРЫЯ

ШПАЦЫРЫ ПА “ЛІНІІ КЕРЗОНА”

Реклама