Сяргей Сноп

ЛЕПШАЕ КІНО — ГЭТА ВІНО

 

Грамадскім харчаваннем і выпіваннем у Гродне кіраваў трэст сталовых і рэстаранаў. Папярэдне я пісаў, што гродзенскі КГБ займае вельмі выгадная месца, усё побач: выканкам, банк, турма. І харчова-пітны трэст. Я спецыяльна выбраў ў інтэрнэце гэты не цалкам прэзентабельны здымак, бо ён адлюстроўвае тое, як мудрагеліста перапляліся ў савецкай рэчаіснасці гэбісты (іх будынак на здымку з левага боку), менты (яны на здымку з правага боку) і першасныя прыродна абумоўленыя патрэбы чалавечай істоты пахарчавацца, выпіць і расслабіцца (трэст — у будынку па цэнтру). Адлюстроўвае тое, як дзяржаўная надбудова, у класічных выразах тэорыі марксізма-ленінізма-сталінізма, літаральна навалілася, навісла над сваёй базай — першаснымі патрэбамі жывога арганізма. Хаця марксізм дагэтуль сцвярджае, што база ёсць рэч пярвічная, а надбудова — другасная. Толькі, бачыце яно як, гледзячы на гэты здымак, такога не скажаш. Пра тое і гаворка.
Быў тут нават дробны, але красамоўны бытавы падлог і кухонная антыграмадская інтрыганская змова. У абедзенны перапынак усе гэтыя сілавікі ды розныя іншыя клеркі з наваколля збягаліся ў рэстаран, што быў у будынку трэста, каб падхарчавацца комплексным абедам, які каштаваў каля рубля грошаў. Чакалі перад дзвярыма, пакуль адчыняць роўна ў 12.30 часу. Зімой мёрзлі. Але калі заходілі, то заўжды бачылі, як за сталамі ўжо сядзяць гэбэшнікі, і ўжо нават жуюць свае салаты. Потым выявілася, што яны праходзяць у залу рэстарана праз дверы трэста і далей праз службовы калідор, міма спецыяльнай зали для VIPаў, робяць гэта акурат літаральна за некалькі хвілінаў да таго, як адмыкаюць дзверы для ўсіх.
Яны заўсёды будуць ставіць сябе вышэй за ўсіх і будуць імкнуцца ўсіх аблапошыць, хоць бы дзеля таго, каб не страціць самапавагу, хоць бы ў самай дробнай дробязі, можаце ў гэтым не сумнявацца. Ажно пакуль іхняя гісторыя, каторую распачаў Жалезны Фелікс-Дравасек, не скончыцца, і не пачнецца іншая, але ўжо без іх удзелу.
Тут яшчэ адзін успамін усплыў, даўно пазабыты. Зноў дробязь, але, бачыце, шпацыры — рэч такая, успаміны наплываюць самі сабой. Будавалі мы з сябрам ягоны гараж. Каб было зручней, сябра скаапераваўся з суседам. Сусед працаваў у гэбэ. Прывезлі мы на два гаражы фундаментныя блокі, а замоўлены кран не едзе. Пайшлі шукаць кранаўшчыка. Гэбіст застаўся пілнаваць. Знайшлі таго кранаўшчыка, ён паехаў класці блокі, а мы вярнуліся пехатою. Падышлі, а гэбіст ужо заканчвае ўстаноўку. Во, які спрытны.
Карацей, ён паставіў блокі не па асях, а па знешняму перыметру свайго гаража, чым выйграў для сябе дваццаць сантыметраў плошчы. І, адпаведна, пазбавіў тых сантыметраў, якія агулам склаліся ўжо ў метры, майго сябра. Думаеце, іншыя гэбисты не такія? Не здарма наш Прэзідэнт паставіў свайго сына за гэтымі ціхімі мышкамі даглядаць. Калі мой талерантны сябра ўшчуваў мяне за празмерны максімалізм, я нагадваў яму пра таго гэбіста.
У гэбіста, не ведаю, ці гэта нясе нейкі сімвалічны і патаемны сэнс, была дзіўная фамілія, утвораная ад імя ўласнага з дапаўненнем прыстаўкі «рас-«. Я ўжо казаў, што з гэтай публікай ні ў чым нельга быць упэўненым. Памятаеце: астрал, аўра, эфір?
З тым гаражом звязана таксама гісторыя, як а дванадцатай уначы мы ратавалі папаўшага ў каналізацыйны калодзеж насупраць гаража сабаку. Яго спрабавалі дастаць за шкірку, але ён заблытаўся ў тэлефонных правадах, скура на шыі рыпела, адстаючы ад мяса, і бедны сабака толькі ціха енчыў і скуліў. Бо спачатку мы не ведалі, што ягоныя ногі запутаны дротам, і цягнулі, што было моцы. Але потым падышоў мужык з фанарыкам, пасвяціў, і стала ўсё зразумела. Пасля чаго аднаго хлопца ўзялі за ногі і галавой спусцілі ў яму, ён распутаў і выцягнуў сабаку. Звольнены сабака, а ён сядзеў доўга, да і сама выратавальная аперацыя доўжылася не меньш за гадзіну, зрабіў круг удзячнасці вакол нашага калектыву гаражных умельцаў, і панёсся прэч. Другі мужык дастаў бутэльку кантрабанднага польскага спірту, так тады было з кантрабандай, усе памылі рукі, а потым хлопнулі па келіху за ўдалае заканчэнне суместай аперацыі.
Вось які выпадак абсалютна самадзейна арганізаванай грамадска-карыснай валанцёрскай ратаўнічай акцыі прыйшоў мне на памяць пасля брыдкага ўспаміна пра будаўніцтва агульнага нечага такога сумесна з гэбістамі.
А каналізацыйная яма была не закрытая таму, што папярэдне грандзіцкая басота скрала на металалом люк. Іх тады, люкі, вазілі ў Літву, во яшчэ якая была кантрабанда. Пра гэта нам расказаў стораж «Гродналіфта», які таксама вылез са сваёй будкі, каб дапамагчы сабаку. Ці трэба казаць, што таго суседа, каторы схаваў (націск на першы слог) па-пацучынаму квадратныя метры, тады з намі не было.
Я так думаю, што невыпадкова.
Я так думаю, што таму ўсё так добра для сабакі і скончылася.
Потым гэбіст гараж прадаў, і некуды зваліў. Бізнес, нічога асабістага.

Вось гэта і быў уваход у малочны магазін, той самы, які спрабаваў наладзіць з Амерыкай механізаваную канкурэнцыю па вытворчасці гарачых пончыкаў, але пацярпеў хуткую і канчатковую, з першай спробы раз і назаўсёды, паразу. Амерыка пра тое нават не даведалася.

А гэта быў уваход у мясны магазін. Ад яго цяпер захавалася адно крыло, тое, што злева. У 60-я гады на сценах вісела вяндліна, паляндвіцы, на прылаўках ляжалі разнастайныя каўбасы. І гэта былі сапраўдныя каўбасы. Але не было грошай, людзі бралі па 200-300 грамаў «Доктарскай», а прадавец, калі не даставала колькі грамаў, адразала тоненькую лусту — давесак. Ну, хто цяпер будзе рэзаць давескі, калі ёсць калькулытар? А хоць бы і няма. Ашукаць лягчэй. А мы не зважаем, бо разбагацелі і купляем кілаграмамі.

Дзеля ўмацавання братэства з палякамі зрабілі тут рэстаран «Беласток», а ў горадзе Беластоку — рэстаран «Гродна». Тут іграла жывая музыка: «Лэды-лэды-лэйды-лэй». Летам музыканты раскрывалі акно, перад якім сядзелі, гралі і палілі, і было весела нават на двары.

Тоя ж будынкі, але з іншага боку. Паловы таго боку сёння няма. У гэтым кінатэатры «Спартак» я глядзеў фільмы за 10 капеек, а тое і задарма, як малалетні. Памятаю лысага, як калена, амерыканскага актора Юла Брынэра, які сабраў у фільме каўбоеў змагацца супраць бандытаў. Тады многія імкнуліся так прайсціся, як ён. Актор Брынэр, як высветлілася значна пазней, быў не такі ўжо амерыканец, а было ў ім нешта агульнае з нашымі палестынамі.
Бачыце, там напісана «Слава КПСС», але там ўжо не кіно, а кавярня пры гатэлі.
Калі развальвалі будынак кавярні, кінатэатр разбурылі раней, то прыехалі кінематаграфісты, яны любяць такія падзеі. Здымалі фільм «Рудабельская рэспубліка». Гэта пра, хм…, такі сепаратызм на ўсходзе Беларусі. На развалінах па-кіношнаму расстрэльвалі бальшавікоў, гэта яны таксама вельмі любілі, у любым фільме пра рэвалюцыю абавязкова расстрэльваюць бальшавікоў, абавязкова, аднаго хаця б, але расстраляюць ці павесяць. Запалілі ўначы пражэктар, паставілі прапеллер, які разганяў штучны туман, вывелі бальшавікоў у белых кальсонах з незавязанымі штрыпкамі і ў кашулях апаш, паставілі да сцяны і з вялікім мастацкім густам — расстралялі.
Такое кінематаграфічнае месца. Нагледжанае, ці што. Нездарма там цяпер фатаграфуюць вяселлі. А можа і дарма. Не ведаю нават.
Там далей, у глыбь, медыцынскі інстытут меў сарайчык, дзе трымаў усялякую нежыль для нагляднай адукацыі, а побач стаяў сметнік, куды скідвалі парэзаных ў навучальных мэтах катоў.

Гэта від з майго балкона. Бачыце, напісана «Мясо»? Дзверы мелі вельмі моцную спружыну, ад чаго громка хлопалі. Ад васьмі раніцы пачынаючы.
І звярніце ўвагу на вінаград. Каб мясцовая быдлота не ламала галіны, знізу ствол закрывала спецыяльная умацаваная сетка.

Папярэднія апавяданні:

ЧАМУ ГАРАДЗЕНСКАЯ МІЛІЦЫЯ БЫЛА ЗБУДАВАНАЯ КАЛЯ ЗААПАРКА?

РЭЧКА ВАНЮЧКА ЯК ГРАДАЎТВАРАЛЬНАЯ АРТЭРЫЯ

ШПАЦЫРЫ ПА “ЛІНІІ КЕРЗОНА”

ШПАЦЫРЫ ПА “ЛІНІІ КЕРЗОНА”

 

 

 

 

 

Реклама