На фота ўверсе: будынак упраўлення следчага камітэта па Гродзенскай вобласці. Створаны ўсе ўмовы, як сказана было пры афіцыйнай здачы будынка ў карыстанне следчым. Раней тут размяшчалася праўленне трыкатажна-баваўнянага аб’яднання, «шпулькі», як іх называлі ў народзе. «Мы приходим в новый дом, раньше куры жили в нём…»
Пачытайце тут, калі цікава, гэта іхні сайт — http://sk.gov.by/ru/structure-usk-grodnoobl-ru/. Ня здолелі нават адкрыць сайт на беларускай платформе.
Ру, паўсюдна ру.

Неяк суботнім вечарам аднаго вясковага пенсіянера з невялічкага пасялення ля Гожы парэзала нажом у гарачцы спрэчкі жонка. Не жонка нават, а сужыцелька, значна за яго маладзейшая, — гэта не мела б значэння ў іншых выпадках, а ў гэтым — такі мела.
Завезлі небараку ў шпіталь, адразу на аперацыйны стол, пачысцілі рану, зашылі. Потым даставілі каталкай ў палату, пераклалі ў ложак. Раніцой дзядзька прачнуўся, успомніў падзеі дня ўчарашняга, сварку, бальніцу, аперацыю, наркоз. І тут усвядоміў, што ляжыць у ложку пад коўдрай абсалютна голы.
Справа нядзіўная — калі клалі на аперацыю, то і распранулі. Паклікаў ён медычны персанал. Персанал растлумачыў, што ўсю ягоную вопратку забраў следчы. Ёсць паперка-распіска, там унізе ўказана ягоная пасада, званне, прозвішча, пералік адабранага. Майка, швэдр, штаны і трусы з пацёкамі крыві.
— А дзе мая слухаўка? — пытае дзядзька, бо быў ён добра глухаваты, і перад ад’ездам у гарадскую бальніцу ўзяў яе спецыяльна. — А дзе мае акуляры? — ну, і акуляры ўзяў адмыслова, бо быў добра падслепаваты. — А дзе мой мабільнік? — тэлефон ён таксама ўзяў, як без телефона.
— Усё забраў следчы, — разводзіць рукамі медычны персанал. Вось папера, кажуць, з пасадай, подпісам і тэлефонам унізе, ага. А яны чым могуць дапамагчы, нічым.
Званіць парэзаны следчаму, далі эскулапы, добрыя людзі, патэлефанаваць бясплатна. Што рабіць, пытаецца мужык у следчага. Ляжу голы. Без тэлефона, акуляраў і слухаўкі. Алё, кажа ён следчаму, ага.
— Ня ведаю, — адказвае следчы. — А чым я магу дапамагчы, нічым.
Дзядзька нешта лапоча яму пра тое, што ён голы, без тэлефона і гэтак далей і ў тым жа духу. Дзядзька перанёс раненне, шок, аперацыю, наркоз — яго можна зразумець. Таму следчы ўваходзіць у становішча пацярпелага, а дзядзька ўжо праходзіць у яго па крымінальнай справе ў якасці пацярпелага, на здароўе ці можа нават на жыццё якога пасягала нейкая дастаткова далёкая ад яго кабета, маладзейшая больш, чым у два разы, і дае яму параду:
— Пазваніце жонцы, хай прывязе, — паблажліва раіць следчы свайму пацярпеламу.

******
Такая ёсць сапраўдная непрыхаваная рэалістычная грубая праўда жыцця.
Пацярпелы-недабітак званіць па ціпу жонцы, якую следчы пад варту браць ня стаў, бо прыкметаў пакушэння на забойства пакуль не ўгледзеў, і тая адпрашваецца з работы, звоніць свайму брату, каб падвёз яе ў Гродна на машыне, ды вязе яму адзенне і старыя паламаныя акуляры. І просіць заадно, каб не настойваў на прыцягненні яе да суровай адказнасці, бо ў яе ж дзіцёнак-дачка,- гэта так казаць ёй таксама параіў следчы, нахалеры яму і ягонаму начальству лішнія клопаты са статыстыкай забойстваў. Бо ляпне ж дура, што ёй у момант удара было ўсё роўна, памрэ пацярпелы, ці не памрэ — і ўсё, забойства з эвентуальным умыслам. Праўда, лічыцца, што пакушэнняў з эвентуальным умыслам не бывае, але навошта ўскладняць.
Наступнымі днямі па ціпу жонка доўга пра нешта шэпчацца з парэзаным мужыком, прывозіць яму паесці, ды разам з сабою бярэ сваю дачку, каб уціснуць старому на жаласць.
++++++
Ладна, ніхто ня быў абавязаны хлопцу дапамагаць.
Добра, вопратка была патрэбная следчаму як рэчавыя доказы.
Але навошта адабралі тэлефон, акуляры і слухаўку?
Ладна, тэлефон мог спатрэбіцца, каб паглядзець у запісы памяці апарата.
Акуляры і слухаўку следчы вяртаць адмовіўся катэгарычна — не павязу. Калі жонка прыедзе да мяне на допыт, вось тады і перадам праз яе, кажа следчы недабітку.
Во як.
А каб жонка з братам дабілі небараку?
А ніхто не абавязаны быў яго пілнаваць. Трэба было своечасова з бабаю сваёй разбірацца, як казаў Глеб Жэглоў свайму стажору Валодзе Шарапаву, калі той нешта ляпнуў сыскному асу наконт гуманізма, ага.
******
Байка з той жа клінікі
Начальнік следчага камітэта па горадзе Мінску Дз.Канаплянік 21 верасня паехаў з жонкай у Літву. Па дарозе назад пры мытным даглядзе на мяжы ў паддоне рухавіка ягонай машыны была знойдзена кантрабандная каробка з патронамі калібра 9 мм сістэмы «Luger».
Літоўцы яго затрымалі, а праз некалькі дзён адпусцілі. Прычыны таго і другога засталіся пакуль невядомымі.
Як бы там ні было, а гэты следчы начальнік (і былы гэбіст) у званні палкоўніка можа па-за канкурэнцыяй вылучацца на адрыманне прэміі Дарвіна.
Я чытаў каменты да гэтай падзеі на адным з самых актыўных форумаў. Каб толькі ж вы маглі сабе ўявіць тую глыбіню нянавісці да гэтага чалавека, які ўвасобіў сабою агульныя якасці сённяшняга калгаснага беларускага быдламенеджмента, нават я быў шакаваны… І цікава: неверагоднае аднадушша для абурэння ўладай, вось што трэба ўзяць на заметку нашым сацыёлагам. Прыпомнілі і патроны, за якія асудзілі валкавыскага прадпрымальніка М.Аўтуховіча, і публічныя павучанні «ахоўнікаў закона» пра тое, што трэба быць паслухмяным, і правакацыі КГБ і ментоў ды іншыя шматлікія крыўды.
Адміністрацыя павінна задумацца, чаму гэта 99% насельніцтва так варожа ставіцца да іхняга чынавенства. Каналізаваць гэтае незадавальненне шляхам паказальных чыстак, якія ўстрайвае раз-пораз у прамым эфіры Прэзідэнт, ужо не выходзіць.

Зрэшты, гэта праблемы выключна адміністрацыі, а мне асабіста на іх напляваць. Пападзі хто адтуль у падобныя абставіны — і яго таксама накрые хваля жывёльнай грамадскай нянавісці. Той нянавісці, якую адміністрацыя культывавала ўсе гады свайго існавання. Толькі цяпер гэтая нянавісць скіраваная не на ворагаў адміністрацыі, а на яе дзялкоў.


******

Байкі судовага стацыянара
Суддзя Вярхоўнага суда Беларусі Віктар Ракіцкі разам з некалькімі жыхарамі Мінскай вобласці знаходзіўся на паляванні, падчас якога атрымаў агнястрэльнае раненне, ад якога памёр на месцы. Заведзена крымінальная справа па ч. 1 арт. 144 КК за прычыненне смерці па неасцярожнасці. У ходзе расследавання праведзены шэраг следчых дзеянняў, у тым ліку агляд месца здарэння, адабраныя дакументы на права палявання. Прызначаны шэраг экспертных даследаванняў, паведамляе Следчы камітэт.
Вось жа з усімі можа здарыцца. Дарма гэтыя чыноўнікі так нахабна дэманструюць лехтарату сваю пыху, дарма.
Між іншым, у адносінах да яшчэ аднаго вярхоўнага суддзі, Юрыя Тузава, вынесены прысуд — 14 гадоў за хабарніцтва. Там таксама такая калгасная фабула — закачаешся, ага. Варта пагугліць. Слоік з наменклатурнымі павукамі, якія дурылі адно другога, не сюжэт, а скетч гумарыста. Дар’я Данцова абзайздросціцца.
Реклама